Што цепліць душу беларуса?



Адноўленыя традыцыі беларускай народнай культуры нязменна прыцягваюць увагу замежных турыстаў і могуць служыць выдатнай асновай для эфектных прэзентацый нашай нацыянальнай самабытнасці. Пераканацца ў гэтым можна было падчас нядаўняга падарожжа па Полаччыне дэлегацыі з Санкт-Пецярбурга. Паездку арганізавалі беларусы расійскай паўночнай сталіцы з мэтай знаёмства расіян з малавядомымі старонкамі нашай агульнай гісторыі.

Агледзеўшы адметныя полацкія помнікі, госці пабывалі на экскурсіі ў залах музея сярэднявечнага рыцарства, створанага ўладальнікам прыватнага прадпрыемства Аляксандрам Лукашовым. Утульны дворык музея гаспадар ласкава дазволіў выкарыстаць для творчай сустрэчы, арганізаванай турыстычным агенцтвам «Сем дарог». На ёй гучалі архаічныя беларускія спевы і старажытныя музычныя інструменты. Самабытныя ўзоры нашай багатай культурнай спадчыны жыхарам Пецярбурга прэзентавалі студэнты Полацкага дзяржуніверсітэта на чале з выкладчыцай Вольгай Емельянчык, аб’яднаныя ў гурт «Варган», а таксама мінчанін Зміцер Сідаровіч (на фота)- вядомы музыка, бард, заўзяты збіральнік і прапагандыст беларускага фальклору.

Удзельнікам вечарыны Зміцер прадэманстраваў ні з чым не параўнальнае па сваёй велічнай прыгажосці гучанне дуды — аднаго з самых старажытных і магічных народных інструментаў. Дудара нашыя продкі ўспрымалі за мудраца, што валодае патаемнымі ведамі, вешчуна, здольнага ўсталяваць сувязь з нябёсамі. Лічылася, што гукі дуды набліжаюць гармонію свету. Рудыменты старажытных абрадавых дзеянняў і па сёння захаваліся ў народных танцах. Самыя каларытныя з іх З. Сідаровіч развучыў з расійскімі турыстамі, ператварыўшыся ў элегантнага кавалера і дасціпнага каментатара. У скокі пусціліся нават пенсіянеры, настолькі прывабным выглядала распачатае дзейства.

Бліскучыя музычныя імправізацыі З. Сідаровіча дапамагалі аднавіць сувязь са стагоддзямі і на далейшым шляху дэлегацыі з Санкт-Пецярбурга, што скіраваўся ў вёску Кушлікі. На так званых Кушлікоўскіх гарах 350 год назад была атрымана значная перамога ў адной з самых крывавых войнаў беларускай гісторыі. Яна вялася з 1654-га па 1667 год паміж Маскоўскай дзяржавай і Рэччу Паспалітай, у склад якой тады ўваходзілі беларускія землі, і была названа Патопам, бо спарадзіла рэкі крыві, забраўшы жыцці амаль паловы жыхароў нашай зямлі.

Па словах арганізатара паездкі пецярбургскага даследчыка Пятра Амбрасовіча, удзельнікі дэлегацыі з цікавасцю ўспрынялі малавядомую інфармацыю і выказалі жаданне пачытаць па гэтай тэме дадатковую літаратуру. Педагогі Кушлікоўскай сярэдняй школы гасцінна прынялі расіян і наладзілі для іх віртуальную экскурсію ў 17 стагоддзе. А заключным этапам паездкі стала наведанне Дзісны -самага малога горада Беларусі.

Ларыса Малашэня, фота аўтара, «НС».