Віцебскія чыноўнікі зноў стануць на лыжы

У парку Мазурына заўтра, 18 лютага, у 11 гадзін пачнецца традыцыйнае культурна-спартыўнае свята «Віцебская лыжня-2012». Нагадаем, што мерапрыемства штогод адбываецца ў межах рэспубліканскай спартыўнай акцыі «Беларуская лыжня». Галоўнымі на гэтых гонках заўсёды з’яўляюцца чыноўнікі і начальнікі розных рангаў.

Чакаецца, што цырымонія ўрачыстага адкрыцця «Віцебскай лыжні-2012» пройдзе з удзелам кіраўнікоў вобласці і горада. Свой спартовы імпэт і фізічную форму заўтра тут пакажуць супрацоўнікі гарвыканкама, адміністрацый раёнаў Віцебска і выканкамаў з рэгіёнаў Віцебшчыны. У эстафеце таксама прымуць удзел каманды з розных працоўных калектываў і навучальных устаноў вобласці.

Каб гараджанам было зручна дабірацца да «лыжні», заўтра з 9.00 да 16.00 будуць хадзіць дадатковыя рэйсы аўтобусаў па маршрутах «Смаленскі рынак — Мазурына», «Мікрараён „Поўдзень-7“ — Мазурына» і «Мікрараён „Білева-1“ — Мазурына».

Але на свята запрашаюць не толькі аматараў лыжных гонак. У парку будзе працаваць палявая кухня, іграць ваенны аркестр, спяваць самадзейныя артысты. Адбудуцца паказальныя выступленні навучэнцаў конна-спартыўнай школы «Пегас», дэсантнікаў, выратавальнікаў, парашутыстаў і супрацоўнікаў УУС аблвыканкама. Пройдзе конкурс лядовых і снежных фігур сярод школьнікаў.

Арганізатары таксама падрыхтавалі спаборніцтвы па міні-футболе на снезе, лыжнай эстафеце, снежным валейболе, паласе перашкод, перацягванню каната, шашках, шахматах, дартсе, армрэслінгу, гіравым спорце і інш. У свяце павінны ўзяць удзел і аматары зімовага плавання. І, канешне ж, будзе працаваць пункт пракату спартыўнага інвентара. Так што на лыжах зможа пакатацца кожны — надвор’е заўтра абяцаюць цудоўнае!