50 работнікаў «Электрасетак» у Оршы выйшлі з афіцыйнага прафсаюзу

Прычынай выхаду стала скасаванне дадатковых выплат па шкоднасці, паведамляе праваабарончы сайт «Вясна». Каля двух тыдняў таму рабочыя атрымалі разліковыя квіткі за студзень 2012 года. У іх не было налічэнняў за шкодныя ўмовы працы. У выніку кожны з работнікаў не далічыўся каля 100 тысяч рублёў.

Рабочыя кажуць, што пасля іх выхаду з прафсаюзу адміністрацыя прадпрыемства пайшла на шэраг саступак. Ім абяцалі ўзняць заробак, пагадзіліся выдаваць камандзіровачныя наперад, уключаць каларыферы ў гаражах для ацяплення памяшканняў. Таксама рабочым абяцалі своечасова выдаваць мыла і працоўныя пальчаткі.

Паведамляецца таксама, што дырэктар прасіў рабочых вярнуцца ў афіцыйны прафсаюзу пасля таго, як будзе выкананы шэраг іх патрабаванняў.