Віцябчанка «здала» сталічную кватэру адразу 10 арандатарам

32-гадовая віцябчанка «здала» чужую сталічную кватэру адначасова 10 ахвотным, атрымаўшы за дзень больш за 1,5 тысячы долараў. Сваю кватэру ў Віцебску, дзе яна жыла з дзецьмі, махлярка ўмудрылася гэтак жа «здаць» 25 наймальнікам, атрымаўшы 21 мільён.

— Я знайшла ў інтэрнэце аб’яву аб здачы кватэры на вуліцы Прытыцкага. Кошт быў прымальны — 160 долараў, і я патэлефанавала, а потым сустрэлася з Юліяй, якая назвалася гаспадыняй кватэры, — расказвае 24-гадовая Кацярына, якая пацярпела ад махляркі. — Юлія сказала, што гэта кватэра яе мужа, здаецца на доўгі тэрмін, і праз тыдзень я магу пераязджаць. Мяне ўсё задаволіла, я аддала ёй 160 долараў. Мы дамовіліся, што на наступным тыдні я прыеду па ключы, а Юлія папрасіла прывезці адразу грошы і за наступны месяц.

Толькі па ключы Кацярына выпадкова прыйшла на дзень раней прызначанай сустрэчы. І здзівілася, што дзверы ніхто не адчыніў. А потым кансьержка расказала дзяўчыне, што гэтая кватэра ніколі не здавалася на доўгі тэрмін, а толькі на суткі. На сустрэчу з Юліяй у прызначаны дзень Кацярына прыйшла з аператыўнікам.

— Высветлілася, што віцябчанка прыехала ў Мінск і, зняўшы гэту кватэру на суткі, тут жа пераздала яе 10 ахвотным, якія патэлефанавалі па аб’яве ў інтэрнэце, — расказвае прэс-афіцэр Фрунзенскага РУУС Мінска Ала Галубовіч. — Здзіўляе бесклапотнасць здымшчыкаў, бо ніхто з іх не спытаў у «гаспадыні» ні дакументаў на кватэру, ні хаця б пашпарт. Падчас праверкі высветлілася, што жанчына гэтак жа за 2011 год здала кватэру, у якой сама пражывала з дзецьмі, 25(!) чалавекам. Свае апошнія махлярствы Юлія тлумачыць фінансавымі праблемамі — у Мінск яна прыехала, каб зарабіць і пакрыць урон тым, каму «здавала» кватэру ў Віцебску.

Маладая жанчына знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку, у яе двое дзяцей і, як сама яна патлумачыла, праблемы з мужам. Справа па віцебскіх махлярствах знаходзіцца ў судзе, а жанчына была пад падпіскай аб нявыездзе. Цяпер яна затрымана і змешчана ў следчы ізалятар.